Вільня: Таварыства Беларускай культуры ў Летуве; Варшава:
Беларускія Ведамасьці, 2002.
„Новае стагоддзе'' — гэта спэцыяльная сэрыя артыкулаў, напісаная ў
асноўным (з рэдкім выключэньнем) у 2001 годзе, у першы год новага
XXI-га стагоддзя.
Пры напісаньні ставілася акрэсьленая мэта: пазнаеміць чытача з
пэўнымі ведамі, фактамі, праблемамі і ідэямі, якія ўзьніклі ў
кантэксьце нашага беларускага нацыянальнага жыцьця на працягу
апошняга стагоддзя і перакрочылі (разам з намі) у новы храналягічны
час. Мяжа стагоддзяў — гэта, вядома, фармальнасьць. Але яна дае
нагоду задумацца над існаваньнем.
У XX-м стагоддзі Беларусь вытрымала неверагодны разбуральны ўдар з
Усходу і з Захаду. Удар бязбожніцтва і чалавеканянавісьці. Нашыя
народныя страты — велізарныя, мераюцца касьмічным масштабам.
I ўсё ж такі мы жывём і змагаемся пад нашым найсьвяцейшым
Бел-Чырвона-Белым Сьцягам за будучыню.
У XXI-м стагоддзі нас чакаюць новыя выпрабаваньні,
новая навала з Усходу і з Захаду. Навала хцівасьці, бездухоўнасьці
і граху.
Мы мусім абараніць беларускую цывілізацыю.
Адпор і сіла — у нас самых, у абароне каштоўнасьцяў, якія мы
стварылі і на якіх стаім у нашым яднаньні і ў нашай веры.
Гэтыя артыкулы спэцыяльна разьлічаныя на шырокага чытача, на
людзей, якія любяць Бацькаўшчыну, і пададзеныя як разважаньні на
падставе існуючых здабыткаў і фактаў, прапушчаных праз досьвед і
перажываньні ўласнага вопыту.
Пісалася, галоўным чынам, для тых беларусаў, якія (у выніку
агульных абставінаў) ня мелі магчымасьці атрымаць беларускую
адукацыю і карысталіся чужой сістэмай ведаў.
То няхай жа гэтая кніжка прыдасца беларусам дзеля ўгрунтаваньня
іхных ведаў пра Беларусь.
Зянон Пазьняк