У 4 – 3 тысячагоддзі да н.э. пачалася міграцыя праіндаеўрапейцаў са сваёй 
прарадзімы.  Гэта  было  абумоўлена  бурным  развіццём  земляробства  і 
жывёлагадоўлі,  павелічэннем  працягласці  жыцця,  шчыльнасці  і  колькасці 
насельніцтва, перанаселенасцю праіндаеўрапейскімі плямёнамі іх прарадзімы і 
неабходнасцю  асваення  новых  тэрыторый.  Міграцыя  індаеўрапейцаў 
адбывалася на працягу тысячагоддзяў. 
Рухаючыся  на  захад,  праіндаеўрапейцы  прайшлі  Малую  Азію,  выйшлі  да 
Эгейскага мора, засялілі Балканы, якія з’явіліся адным з накірункаў іх міграцыі. 
Частка  праіндаеўрапейцаў  абагнула  Чорнае  мора,  прайшла  праз  тэрыторыю 
сучасных Балгарыі, Румыніі і Малдавіі, пасялілася на Правабярэжнай Украіне. 
Пазней праіндаеўрапейцы праніклі на Каўказ. 
Частка праіндаеўрапейцаў рухалася на ўсход на тэрыторыю сучасных Кітая 
і  Індыі.  Асобная  іх  група  павярнула  на  поўнач,  у  Сярэднюю  Азію,  прайшла 
паміж  Каспійскім  і  Аральскім  морамі,  апынулася  ў  прыволжскіх  стэпах  і 
працягвала  рух  на  захад,  у  Паўночнае  Прычарнамор’е.  Гэты  магутны 
міграцыйны  паток  стаў  крыніцай  рассялення  праіндаеўрапейцаў  у  Еўропе, 
у тым ліку і ў Беларусі. 
Пры сустрэчы з мясцовым насельніцтвам індаеўрапейцы, якія знаходзіліся 
на больш высокай  ступені  сацыяльна-эканамічнага  развіцця (прынеслі  з  сабой 
земляробства  і  жывёлагадоўлю,  кола  і  калёсны  транспарт,  пахаванне  ў 
курганах, патрыярхат і інш.), перамагалі яго  і  асімілявалі.  Выключэннем  было 
насельніцтва  Індыі  і  Кітая,  якое  асімілявала  індаеўрапейцаў,  за  выключэннем 
невялікай групы арыяў на тэрыторыі Індыі. 
З Паўднёва-Усходняй Еўропы і Паўночнага Прычарнамор’я індаеўрапейцы 
працягвалі  міграцыю  ў  двух  накірунках:  першы – на  захад  і  паўночны  захад, 
у Заходнюю Еўропу,  другі – на поўнач, у Сярэднюю і  Паўночную  Еўропу.  На 
вялікай  тэрыторыі,  якая  ахоплівала  басейны  Віслы,  Нёмана,  Заходняй  Дзвіны, 
Верхняга  Падняпроўя,  у  выніку  асіміляцыі  мясцовага  неалітычнага 
насельніцтва  індаеўрапейцамі  сфарміраваўся  новы  этнас – балты (літоўцы, 
латышы,  прусы,  яцвягі,  куршы,  земгалы,  селы  і  інш.).  Пачаўся  балцкі  этап 
індаеўрапейскага  перыяду  этнічнай  гісторыі  Беларусі,  які  храналагічна 
супадае  з  эпохай  металу  (3 – 2  тыс.  гадоў  да  н.э. – ІV –  V стст.  н.э.).  Балты 
жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі да прыходу сюды славян. 
З  рассяленнем  індаеўрапейцаў  змяніўся  не  толькі  этнічны  склад 
насельніцтва  Беларусі,  але  змянілася  і  эпоха.  Каменны  век  уступіў  месца 
бронзаваму  веку  (3 – 2  тыс.  гг.  да  н.э. – 1 тыс.  гг.  да  н.э.).  Старажытная 
эканоміка,  заснаваная  на  паляванні,  збіральніцтве  і  рыбнай  лоўлі,  паступова 
замянялася земляробствам і жывёлагадоўляй. Індаеўрапейцы пакланяліся агню 
і сонцу, прычым агонь атаясамліваўся з ачышчальнай сілай, з ім асацыіраваўся 
чырвоны  колер.  Асноўным  тыпам  пасяленняў  былі  ўмацаваныя  гарадзішчы, 
якіх  на  тэрыторыі  Беларусі  налічвалася  каля 1 тыс.  Агульная  колькасць 
насельніцтва ў бронзавым веку магла быць ад 50 да 75 тыс. чалавек.