Аднак нават самыя дасканалыя заканадаўчыя акты і нарматывы, пры
ўмове іх няўхільнага выканання, не забяспечваюць захавання рэдкіх відаў
жывёл і раслін, калі колькасць апошніх зменшылася да крытычнага ўзроўню
або месцы іх пражывання ці росту знішчаны. Таму праблема аховы рэдкіх
відаў можа быць вырашана шляхам захавання прыродных экасістэм і ўсіх іх
кампанентаў. Самай эфектыўнай мерай аховы рэдкіх відаў з'яўляецца
захаванне іх месцапражыванняў, што можа быць дасягнута, у прыватнасці,
арганізацыяй сеткі асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый. Прававы
рэжым запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў і тэрыторый, занятых
помнікамі прыроды, вызначаны ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва
ахоўваемых прыродных тэрыторыях» [14]. Запаведнікі маюць строгі рэжым
аховы, а таму з'яўляюцца найбольш выгодным месцам для захавання асобных
аб'ектаў прыроды, якія патрабуюць павышанай аховы, у тым ліку відаў
раслін і жывёл, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. У адпаведнасці з
гэтым запаведнікі і выконваюць сваю ролю па захаванню генафонду раслін і
жывёл. Напрыклад, першапачатковай мэтай стварэння Бярэзінскага
біясфернага запаведніка было захаванне папуляцый бабра [15]. У выніку
дзейнасці запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча»,
пераўтворанай у 1991 годзе ў Дзяржаўны нацыянальны парк з аналагічнай
назвай, быў выратаваны ад знішчэння зубр, прычым колькасць дасягнула
ўзроўню, пры якім можна лічыць, што поўнасцю прадухілена яго страта як
біялагічнага віду. У якасці прыкладу дастаткова прывесці той факт, што калі
ў 1919 годзе зубры былі поўнасцю знішчаны, то на 1997 год іх колькасць
складала 300 асобін [16]. У 1996 годзе Бярэзінскі біясферны запаведнік быў
узнагароджаны Дыпломам Еўропы за захаванне разнастайных відаў
млекакормячых, птушак і іншых жывёл, уключаючы вельмі рэдкіх – чорнага
бусла і глушца. Для захавання рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай
знікнення, відаў жывёл і раслін ствараюцца біялагічныя заказнікі, якія ў
залежнасці ад аб'екта аховы, у сваю чаргу, падзяляюцца на заалагічныя або
батанічныя.
Захаванне рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін патрабуе цеснага
міжнароднага супрацоўніцтва. Многія рэдкія віды звяроў, рыб, пералётных
птушак, а таксама наземных пазваночных і беспазваночных, мігруючы,
могуць апынуцца ў розных краінах свету. Таму забяспечыць надзейную
ахову іх месцапражыванняў, міграцыйных шляхоў, распрацоўку эфектыўных
навуковых рэкамендацый, вырашэнне іншых задач магчыма толькі на
міжнародным узроўні.
Гістарычна першым дакументам у галіне міжнароднай аховы жывёльнага
свету прынята лічыць Парыжскую Канвенцыю 1902 года, прысвечаную
праблеме аховы птушак, карысных для сельскай гаспадаркі[17]. З 1960 года
дзейнічае новая, больш шырокая па зместу міжнародная Канвенцыя па ахове
птушак у межах Еўрапейскага рэгіёна. У адпаведнасці з гэтай Канвенцыяй
устаноўлена круглагадовая ахова знікаючых відаў птушак, уведзены пэўныя
абмежаванні на іх адлоў і адстрэл.
У 1971 годзе ў горадзе Рамсар (Іран) была падпісана Канвенцыя аб