прадукцыю быў нязначны з-за нізкай пакупніцкай здольнасці насельніцтва.
Меліся перашкоды і з боку цэнзуры. Гэтым тлумачыцца і невялікая
колькасць выдадзеных імі кніг. У прыватных друкарнях выдаваліся кнігі
пераважна на польскай мове, а таксама яўрэйскай (88) і заходнееўрапейскіх
мовах. Уладальнікі прыватных друкарняў былі і выдаўцамі, і гандлярамі кніг.
Часам функцыі выдаўца і друкара размяжоўваліся. Выдаўцамі выступалі
аўтары твораў, якія ставілі хутчэй асветніцкія мэты, чым камерцыйныя.
Дзякуючы прыватнаму кнігавыданню на Беларусі з’явіліся першыя кнігі
навуковага характару па айчыннай гісторыі, медыцыне, ветэрынарыі,
сельскай гаспадарцы і інш. [3, с. 276 -- 277]. В. Дунін-Марцінкевіч быў
першым выдаўцом твораў беларускай мастацкай літаратуры на мове
арыгінала непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. У прыватнасці, у друкарні Ю.
Завадскага ў Вільні надрукавана лібрэта яго камічнай оперы “Ідылія” (1846),
аднак шмат якія творы В. Дуніна-Марцінкевіча, як і іншых беларускіх
пісьменнікаў заставаліся ў рукапісах. Напрыканцы ХІХ стагоддзя колькасць
выдадзеных кніг значна павялічылася (параўн.: 1-я палова ХІХ стагоддзя –
916 кніг, 2-я палова – 2241 кніга). Незвычайны уздым кнігавыдавецкая
дзейнасць мела на пачатку ХХ стагоддзя (параўн.: з 1900 года па кастрычнік
1917 на Беларусі выйшла 4355 выданняў). Я. Умецкая адзначае, што на
пачатку ХХ стагоддзя не толькі павялічваецца колькасць выданняў, але
адбываюцца і якасныя змены. Пераважалі творы мастацкай літаратуры,
“больш разнастайнай стала тэматыка кніг, сфарміраваліся тыпы выданняў
афіцыйнай, навуковай, прыкладной, навучальнай, навукова-папулярнай,
даведачнай, мастацкай літаратуры, намеціліся тэндэнцыі да фарміравання
масава-палітычнай, нарматыўна-вытворчай і інфармацыйнай літаратуры” [2,
с. 282 -- 290].
Усё гэта з’яўляецца сведчаннем таго, што рэдагаванне як асобны від
дзейнасці на гэтым гістарычным адрэзку развівалася ў непарыўнай лучнасці
з кнігавыданнем, выпрацоўваючы не толькі методыку працы з тэкстам, але і
прыёмы стварэння кнігі: мастацкае афармленне, тэкставую арганізацыю,
тэксталагічнае забеспячэнне і інш., паколькі ўсе элементы кнігі
ўзаемазвязаныя і ўзаемаабумоўленыя і ствараюць адзінства формы і зместу.
Разам з гэтым прыёмы і метады моўна-стылёвай, фактычнай і лагічнай
апрацоўкі тэксту набывалі спецыфіку ў залежнасці ад тыпу выдання і
жанравай прыналежнасці твора. Такім чынам, ужо к ХІХ стагоддзю
беларускае рэдагаванне мела багатыя набыткі ў выдавецкай дзейнасці, якія,
на жаль, не былі навукова і метадычна абгрунтаваныя і не атрымалі
тэарэтычнага падмацавання.
Творчае пераасэнсаванне кнігавыдавецкага досведу, а разам з гэтым і
рэдагавання, ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзя варта разглядаць як працяг
выдавецка-рэдактарскіх і перакладчыцкіх традыцый Ф. Скарыны, І.
Фёдарава, П. Мсціслаўца, С. Буднага, В. Цяпінскага, брацкага
48