Якуб Колас пісаў пра ролю выдавецкага рэдактара: “Рэдактар жа, трэба мець
на ўвазе, другая пасля аўтара фігура ў фармаванні мастацкага твора. Апроч
усіх іншых якасцей, як добрае валоданне моваю, стылістыкай рэдактар
павінен быць у некаторым сэнсе парыкмахерам: сям-там падрэзаць, дзе-
небудзь пачысціць, пагладзіць, а дзе і проста павыстрыгаць валасы з ноздраў,
з вушэй, калі яны не дужа патрэбныя (“Полымя”, 1961, №8, с. 165).
Шматлікія занатоўкі на кнігах ўласнае бібліятэкі, якая цяпер захоўваецца ў
Коласаўскім музеі, сведчаць, што Якуб Колас быў патрабавальным чытачом і
ўважлівым рэдактарам.
У 1950 годзе Якуб Колас, выступаючы на партыйным сходзе Саюза
пісьменнікаў БССР, сказаў: “ Мы маем вялікі моўны запас, які незаслужана
забыты намі, літатарамі, і з поспехам ужываецца ў народзе. Значыць, перад
увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні свае памяці,
перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой
гаворкі – а можа і знойдзецца якраз тое, што неабходна, што ўжо ўжывалася і
чамусьці забыта ці ўжываецца і невядома нам” [3, с. 431].
Сам Якуб Колас безупынна вучыўся ў народа, збіраў, занатоўваў і
далей выкарыстоўваў ў сваіх мастацкіх тэкстаў адметныя народныя словы і
выразы. У коласаўскім сшытку “Для запісу слоў” занатавана 72 словы,
некаторыя з іх маюць тлумачэнне ці прыводзяцца ў кантэксце (біло, шпулька,
пакулле, сукала, конаўка, атарыца, покуць, пацяробкі, шашок, стадола,
саладуха і інш.; Усяго не пяроймеш, што па вадзе плыве; Горка пі,солана еш
і па смерці не згніеш; Усе харашы, як клёцкі ў куляшы і інш.). Якуб Колас вёў
запіс не проста лексікі мясцовага ўжытку, а выбіраў найбольш яркія і
сакаўныя словы, вядомыя па ўсёй Беларусі, але якія па розных прычынах
сталі радзей ужывацца ў друку. У лісце да Алеся Бажко (12 лютага 1946)
Якуб Колас пісаў: “Вам трэба заняцца вывучэннем мовы народа і ставіцца да
яе крытычна. Прыслухоўвайцеся да народнай гаворкі, запісвайце трапныя
выразы, параўнанні, прыказкі” [4, с. 262].
У рукапісах пісьменніка ёсць шмат крытычных заўваг, рэдактарскіх
правак тэкстаў тагачасных аўтараў, парад, рэкамендацый адносна
паляпшэння моўна-стылёвага боку тэксту. У адным з неапублікаваных
артыкулаў Якуб Колас піша: “У беларускай мове ёсць слова “журавіны”.
Чаму ж замяняць яго словам “клюква”? Ёсць жывое беларускае слова
“пчольнік”. А ў газеце “Мінская праўда” змясцілі фота пчольніка з пчаляром
і падпісалі пад фота: “Пасека”… У беларускай мове бытуе і слова “пасека”,
але яно азначае: высечаны лес, раскарчованы і прыстасаваны да севу
збажыны”.
Крытычныя заўвагі выказаў Якуб Колас і дыктарам за “жахлівы
беларускі акцэнт”: “Як відаць нашы дыктары ніколі не чулі жывой
беларускай мовы, а вывучалі яе кабінетна-кніжным парадкам. Адзін з
дыктараў перадае, напрыклад, словы ў такой акцэнтацыі: падзэя, дзэсяць,
70