Яшчэ адна яскравая асаблівасць таленту празаіка – маналог-споведзь
героя. У К. Чорнага яны бываюць часам проста трагедыйныя ,
“шэкспіраўскія”. У момант найвышэйшага псіхалагічнага напружання палкім
маналогам у К.Чорнага “ўзрываюцца” нават героі-маўчуны, людзі, якія цэлы
век без слова цягнулі нявольніцтва (Леапольд Гушка, стары Няміра і інш.).
Напрыклад, у Міхала Тварыцкага падчас яго сустрэчы з Толькам
Скуратовічам пачуцці і словы з душы Міхала рвуцца, “просяцца ў свет”.
Сродкі, з дапамогай якіх К. Чорны перадае пачуцці героеў, надзвычай
“скупыя”, па-чэхаўску простыя і лаканічныя. Вось як перажываў Міхал
Тварыцкі смерць бацькі: “Праз два дні ён мучыўся на свежай бацькавай
магіле”. Трагедыю Ірынкі, якая ў шпіталі даведалася, што яе бацька памёр ад
афіцэрскіх шампалоў, К. Чорны перадае не апісаннем пачуццяў, плачу, а
скіроўвае ўвагу на звычайныя, будзёныя прадметы побыту і менавіта яны
ствараюць фон трагедыі героя: “Ірынка выпусціла з рук кошык. Малако з
бутэлькі пацякло па падлозе, бутэлька з цвёрдым грукатам адкацілася ў
кут…
…А седзячы адна ў хаце, яна ціха плакала, хаваючы слёзы ад хворага
брата. Твар у яе быў шырокі, з вялікімі сінімі вачыма. Слёзы пакідалі на ім
сляды” [1, с. 92 -- 96].
Алесь Адамовіч, характарызуючы такую манеру пісьма, адзначаў, што
“Спакойны, эпічны апавядальны стыль Кузьмы Чорнага – гэта толькі тонкая
застылая паверхня расплаўленай магмы. Пад гэтай паверхняй – велізарная
“тэмпература” вялікіх чалавечых пачуццяў”.
У 1928 годзе ў часопісе “Узвышша” (№5) быў упершыню змешчаны
артыкул Кузьмы Чорнага “Небеларуская мова ў беларускай літаратуры”, у
якім падымалася пытанне чысціні беларускай мовы і яе каштоўнасці як
асновы культуры народа. “Вялікая беларуская моўная стыхія не толькі не
загінула за час шматвяковага нацыянальнага падняволення Беларусі, не
толькі не была праглынута моцнымі культурамі суседніх народаў, а
захавала сваю чыстату, скрышталявалася ў надзвычайнае багацце
арыгінальных формаў, служачы нават багатым матэрыялам для суседніх
моўных культур”, – пісаў Кузьма Чорны з нагоды таго, што нават яшчэ ў 20-я
гады ХХ стагоддзя не сціхалі галасы вучоных пра беларускую мову як
“наречие” рускай. Таму ўзнікала неабходнасць удасканалення беларускай
мовы, якое магло адбыцца толькі праз увядзенне ў яе сістэму спрадвечна
беларускіх лексічных і граматычных формаў. Аднак, як адзначаў К. Чорны,
некаторыя нашы часопісы і газеты, а таксама мастацкія творы выходзяць у
свет на мове, якую папраўдзе можна назваць такім “наречием”. Несумненна,
што задача адраджэння арыгінальнай беларускай мовы ставілася не толькі
перад аўтарамі публіцыстычных і мастацкіх твораў, але і перад рэдактарамі,
супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый. Неразуменне гэтай задачы К. Чорны
трактаваў як злачынства, якое цалкам ляжа на “сумленне тых літаратараў,
82