праблему мастацкага перакладу на адно з першых месцаў” [3, с. 5]. Узнікла
неабходнасць у стварэнні нацыянальнай школы перакладу, развіцця прыёмаў
і метадаў перакладу з улікам нацыянальнай спецыфікі, далучэння беларускай
культуры да здабыткаў сусветнай літаратуры, каб беларусы мелі магчымасць
на роднай мове чытаць паэтаў і празаікаў розных часоў і народаў.
Першыя літаратурныя пераклады XIX стагоддзя былі выкананы В.
Дуніным-Марцінкевічам, які перастварыў паэму Адама Міцкевіча “Пан
Тадэвуш” на беларускую мову. Гэты твор з часу яго выдання ў 1834 годзе
загучаў на 24 мовах і быў надрукаваны ў 76 асобных выданнях [5, s. 131--
132]. Пераклад паэмы “Пан Тадэвуш” на беларускую мову, зроблены
В.Дуніным-Марцінкевічам, друкаваўся ў 1859 годзе ў Вільні “на грошы што
шмат людзёў злажылі, а паміж іх былі і мужычкі”, як пра гэта пішацца ў
прадмове да кнігі. Калі былі надрукаваны дзве першыя быліны, цэнзура
скасавала дадзены ёю дазвол на выпуск кнігі, загадала арыштаваць
надрукаванае і спаліць. Засталося ў цэлым дзве-тры кнігі. Пераклад пабачыў
свет толькі пасля 1905 года. Прадмова В. Дуніна-Марцінкевіча напісана была
па-польску. У ёй перакладчык адзначае: “Аповесць Адама Міцкевіча “Пан
Тадэвуш”, што так ясна, так шчыра малюе характар, звычаі і абычаі нашых
беларускіх паноў часу Напалеона, ужо цяпер (1859) перакладаецца на
маскоўскую мову. Чаму ж, думаю, наш просты народ, што з гэтымі панамі
так блізка жыў, чаму ж дробная шляхта, што, жывучы ў лясным зацішку, у
хаце, між сабою, сваёй роднаю ўжывае мовы – чаму ж яна не мае пазнаць
абычаяў сваіх бацькоў? Вось гэта ўсё і нагнала мне думку пералажыць “Пана
Тадэвуша” на беларускую мову…” Максім Гарэцкі, характарызуючы
пераклад В. Дуніна-Марцінкевіча, піша, што ён мае значныя адрозненні ад
жывой гутарковай мовы, але ўтрымлівае незвычайныя словы, жывыя
паланізмы, асабліва для азначэння адцягненых паняццяў. “І пераклад, як
першы ў беларускай літаратуры і напісаны ў часе яе невысокага развіцця,
можна лічыць нядрэнным. Сілабічны верш перакладу слабы, з надта даўгімі
радкамі (13 складоў)” [1, с. 215].
Другая спроба перакладу паэмы “Пан Тадэвуш” была здзейснена А.
Ельскім, сябрам В. Дуніна-Марцінкевіча, у 1892 годзе. А. Ельскі пераклаў
толькі першую песню паэмы. Поўны пераклад паэмы на беларускую мову
прыпадае на 20–30-я гады ХХ стагоддзя. Выканаў яго прадстаўнік
беларускай інтэлігенцыі, палітык, вучоны і мовазнаўца Браніслаў
Тарашкевіч. Паводле меркавання Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай,
пераклад Б. Тарашкевіча на беларускую мову выкананы дакладна, але пры
гэтым індывідуальна, з непаўторнымі версіфікацыйнымі інавацыямі, з
адчуваннем клімату эпохі асяроддзя, людзей і здарэнняў, з выкарыстаннем
багатага слоўнікавага запасу беларускай літаратурнай мовы нашаніўскага
перыяду і з дыялектнымі асаблівасцямі, якія былі свядома выкарыстаны
56